Спецпроект

17 гадоў, QR-коды, Гомель. Падлетак пра тое, як знайсці фішку ў любым горадзе і зрабіць яго прывабным для турыстаў

10 892
25 апреля 2019 в 13:03
Источник: Таццяна Ашуркевiч. Фото: Марыя Амелiна
Спецпроект

17 гадоў, QR-коды, Гомель. Падлетак пра тое, як знайсці фішку ў любым горадзе і зрабіць яго прывабным для турыстаў

Источник: Таццяна Ашуркевiч. Фото: Марыя Амелiна

Даем вам дасье на Іллю Баркоўскага: яму 17, ён любіць Гомель і вандраваць. Таму ў яго неяк атрымалася спалучыць дзве любві ў адной прыладзе. Каб яе стварыць, трэба было ўзгадаць некалькі рэчаў: Google Maps тупяць нават у Еўропе, а калі не ведаеш мовы, падыходзіць да мінакоў не камільфо. Тады што казаць пра замежных турыстаў, якія завітваюць у беларускі Гомель? Складана не толькі ім, проста так склалася гістарычна: у нашым лакальным турызме пытанні ўсё ж такі ёсць. Ілля вырашыў, што далей так працягвацца не можа, і пачаў дзейнічаць. Стварыў QR-коды для некаторых будынкаў, наладзіў прыладу і сайт: вывучайце мясцовасць і архітэктуру, словам — карыстайцеся. Цяпер ён дае прыклад іншым гарадам, як трэба рабіць зручна. У нашым матэрыяле фіналіст сацыяльна-адукацыйнага праекта для старшакласнікаў velcom YOUTH распавядае, чаму яго задумка вартая.

— Павінна было атрымацца нешта простае, хуткае і сучаснае, каб людзі даведаліся пра будынак і яго гісторыю, — пачынае тлумачыць Ілля. — Адразу ўсё не ахопіш, трэба было спыніцца на адной тэматыцы. Мы вырашылі, што гэта будзе творчасць Шабунеўскага.

Ілля кажа так, быццам усе ведаюць, пра каго ідзе гаворка. Але потым папраўляецца: усё нармальна, калі гэта інакш. Адказ на пытанне, хто гэта, рэдка пачуеш ад жыхароў горада, якому архітэктар падарыў 29 будынкаў. Пасля плённай працы на пачатку XX ст. яго загадалі сцерці з чалавечай памяці. Абралі самы лёгкі варыянт — даслалі ў 1937 годзе ў Сібір. Цяпер у Гомелі, якому Станіслаў Шабунеўскі аддаў усё жыццё, няма прысвечаных яму ні помнікаў, ні вуліцы. Затое ёсць Ілля і яго праект — так у аднаго чалавека атрымліваецца нагадваць цэламу гораду, хто стварыў яго аблічча.

— У нас на вуліцы Кірава з'явіўся чыйсьці партрэт. Усе хадзілі побач, але не ведалі, хто гэта. А потым на ўроку завуч нам пра яго распавяла, і мы з аднакласніцай вырашылі напісаць па гэтым чалавеку даследчую працу. Ведаеце, у нас нават хацелі ўстанавіць яму помнік. Але размовы пра гэта так і забыліся. І таму мы ўдвох вырашылі штосьці зрабіць. Нічога звыш тут няма — проста трэба было стварыць сайт. Курыравалі яго нашы выкладчыкі, а школа дапамагала. Ну, мы яго зрабілі, а хто туды заходзіць будзе?

Працы было зроблена шмат, то каб яе не кідаць, давялося прыдумляць нешта прыкольнае. Ілля часта тусуецца ў моладзевых лагерах. У адным з іх дзеці ладзілі падобны праект — той тычыўся помнікаў культуры. Але ідэя хлопца не захапіла — яму хацелася замацавацца ў гісторыі, а ў гэтым партэры ўсе месцы апынуліся занятымі.

— Гэта ж год малой радзімы, — працягвае ён. — Мы пачалі думаць, што можна зрабіць у нас. Вось і зладзілі QR-коды. Хацелі зрабіць уклад, а з гэтай ідэяй яно апынулася цалкам магчыма. Мы сур’ёзна да ўсяго падышлі: прыглядаліся, гуглілі. Пабачылі, што ў Расіі такое ледзь не на кожным будынку ёсць. Тут раптам і наш райвыканкам заварушыўся, праект на пасяджэнні адобрылі, школа падтрымала. І мы такія: «Ваў!» Узімку дарабілі сайт, ён быў гатовы. Да таго часу нашы бацькі і выкладчыкі ўжо дакладна ведалі, хто такі Шабунеўскі.

— Надакучвалі ім расповедамі?

— Ага. А потым усё само пайшло. Самае галоўнае — першы QR-код быў устаноўлены там, дзе працуе мая мама, на Доме камуны. Зразумела, яна мне адразу тэлефануе: «Ілля, там твой код павесілі!» І я, і аднакласніца, і настаўніца — усе вельмі шчаслівыя былі. Пачалі думаць, якія фішкі туды можна дадаць, каб было цікавей. Цяпер там ёсць відосы, пераключэнне на чатыры мовы (беларускую, рускую, кітайскую і англійскую) і адаптацыя для тых, хто дрэнна бачыць.

— І дзе ты ўсе гэтыя ідэі шукаў?

— Ды ўсё проста: заходзіш на Aliexpress, на сайт Apple, Samsung...

— Карацей, адразу ўзяўся за цяжкую артылерыю.

— Ну так, там і шукаў усялякія цікавыя рэчы. Тады была дакладная мэта нешта пасля сябе пакінуць. Да гэтага я быў, вядома, актывістам раёна, але майго істотнага следу ў ім не было.

— Табе так важна застацца ў гісторыі Беларусі?

— Хаця б у гісторыі Гомеля.

— Ну а за Шабунеўскага чаму ўзяўся? Бо незаслужана забыты?

— Ён сканструяваў тут 29 будынкаў, яны вызначаюць знешняе аблічча Гомеля. Ну і горад не такі вялікі: калі абіраеш сабе маршрут для шпацыру, у любым выпадку пройдзеш мінімум пяць яго праектаў. Так што так, гэта істотна, і традыцыйна ў нас ніхто не ведае пра самых важных людзей.

— Ну а што зрабіць, калі моладзь гэтым не цікавіцца?

— Ой, гэта глабальнае пытанне. Я не ведаю. Думаю, што як мінімум трэба змяняць да ўсяго падыход. Вось ёсць электронныя прылады, і магчымасцей для ўсяго хапае. Да прыкладу, мы калісьці хацелі зрабіць якую-небудзь апытанку. Але я зразумеў: ну добра, зробім мы яе для птушачкі, а потым што? Мне ж самому гэта нецікава. А калі інтарэсу няма, усё становіцца складана. Мне здаецца, застаецца адзін банальны, але правільны варыянт — неяк інакш перадаваць інфу з вуснаў у вусны. Вось мы так прыходзілі да малых школьнікаў распавядаць, што ёсць такі важны для Гомеля чалавек. Нас ведаюць па забаўляльных імпрэзах — мы праводзім святы. А тут яшчэ прыйшлі і пра нешта сур’ёзнае кажам. Значыць, трэба нас слухаць.

— Знаёмыя пацаны пра нешта важнае распавядаюць, як інакш.

— Так, маеце рацыю, гэта заўсёды так працуе. І яшчэ магу сказаць, што на Шабунеўскім мы не спыніліся. У нас атрымаўся нават не сайт, а турыстычны маршрут. Цяпер там адзначаны ўсе будынкі. Можна выстройваць шлях ад аднаго да другога — так пабачыш самае важнае.

— І колькі па часе ў вас усё гэта заняло?

— Скажам, у нас было два этапы: інфармацыйны і тэхнічны. Раз на тыдзень мы давалі справаздачу: хто што знайшоў. Шукалі фотаздымкі, ладзілі апытанку. Даведваліся, ці разумеюць людзі, хто гэта за чалавек. Былі дзіўныя адказы. Самы нармальны з іх, калі мужчына думаў, што гэта пісьменнік. Ну проста памятаў, што яго партрэт намаляваны на нейкім будынку.

— Вось табе і плюсы сучаснага мастацтва.

Так, але астатнія не разумелі нават, пра каго мы вядзем гаворку. Усё гэта было напачатку. А сама распрацоўка сайта апынулася складанай, мы ёй амаль месяц займаліся.

— Слухай, наколькі я памятаю з вандровак, такіх штук па розных краінах таксама бачыла не шмат. Ты штосьці падобнае памятаеш?

— Дзіўна, але не. Ну мы ўсе звыкліся, што Еўропа — гэта адразу сінонім нейкім культурным месцам. А можа, там гэтага і не трэба — усе культурныя адзінкі максімальна гавораць самі за сябе. У нас жа сітуацыя іншая: нам трэба прадстаўляць тое, што ў нас ёсць.

— Асабліва калі прыязджаеш у Гомель і не ведаеш, куды тут можна ісці, акрамя палаца. А ў іншыя гарады грукаць не спрабаваў?

— Слухайце, я не магу сказаць, што на гэта ўсё я аддаў жыццё, але ўкладанняў усё роўна зроблена шмат. Тым больш калі гэта 11-ы клас і трэба шмат вучыцца. А ўсім такім сапраўды трэба вельмі займацца, яно ж не хутка робіцца. І тут патрэбныя аднадумцы, а іх складана знайсці.

— А калі яшчэ грошай з праекта не зрубіш, то зусім.

— Ну так. Увогуле сайт — гэта дрэва, а дрэва павінна расці ў нейкай глебе. І гэтую глебу трэба купляць. Вось за хостынг нам давялося плаціць, на гэта былі патрэбныя грошы. Мы са школай куплялі яго на тры гады — выйшла 200 рублёў. Тут нам дапамаглі, а ў іншым выпадку хто гэта будзе рабіць?

Тут у нас закрадваецца крамольная думка: калі хлопец распрацоўвае сайты, то зразумела ж, на каго пойдзе вучыцца.

 — Не, не праграміст, — расчароўвае нас. — Я іду на журфак.

— Дык ты ўжо даў пачатак мясцоваму турызму. Можаш далей развіваць.

— Я вельмі люблю Гомель, у нас тут увогуле горад кантрастаў. Але гэта ўжо гаворка пра іншае. Ёсць будынкі XIX ст., яны хутчэй выключэнне. Іншых значных, для якіх варта было б адмыслова ствараць сайт, няма. На кожны дом не нанясеш жа коды, а адзінкавы праект нейкага архітэктара важнасці асаблівай не нясе. Можна было б стварыць які-небудзь цікавы маршрут, дзе асвятляюцца ўсе бакі горада, але ў нас іншая тэматыка, мы хацелі перш-наперш захаваць культуру.

— Але вы маглі б больш увагі прыцягнуць да сваіх помнікаў. Шчыра, адзінае, што мяне зачапіла, — гэта палац Паскевічаў. Пра астатняе проста не ведаю. Да таго ж, наўрад ці замежнік каля палаца штосьці здолее прачытаць: усё па-руску.

— Я думаю, калі людзі едуць у Гомель, яны ўжо ведаюць, дзеля чаго тут апынуліся. Таму мы і абралі рабіць штосьці іншае. Вырашылі спыніцца на імені архітэктара. Будынкаў з нашым кодам будзе сем, вось і маршрут неблагі выбудоўваецца. Можа, пазней хтосьці гэтым натхніцца і таксама зробіць QR-коды. Гэта ж не праблема, нічога складанага няма. Тэхналогія не новая, ёй карыстаюцца ўсе.

— Ну дык ты ідзі ў праграмісты, пакажы клас. Хіба прафесія не актуальная?

— Вядома, найлепшая спецыяльнасць падпарадкоўваецца запытам часу. Калі браць актуальнае, хай яно гучыць банальна, але гэта сапраўды тое, што звязана з тэхналогіямі. Проста я сябе бачу толькі на журфаку. Але ж ніхто не перашкаджае мне ўсё сумяшчаць, праўда?


velcom YOUTH — конкурс праектаў для старшакласнікаў, якія хочуць змяніць свет да лепшага. Сацыяльна-адукацыйны праект рэалізуецца кампаніяй velcom | A1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. 10 пераможцаў конкурсу выступяць на канферэнцыі TEDxYouth@Minsk 18 мая 2019 г. у Prime-Hall і атрымаюць iPhone Xs, а трое лепшых паедуць на TEDx у Аўстрыю. Адметная рыса праекта velcom YOUTH — уся камунікацыя вядзецца на беларускай мове.

Спецпраект падрыхтаваны пры падтрымцы Унітарнага прадпрыемства «Вэлком», УНП 101528843.

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by